«Радыё Рацыя»: Марш «выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы

«Буры – наш герой!» – пад такім лозунгам прайшоў чацвёрты марш у Гайнаўцы. Сярод расцяжак, якія неслі дэманстранты, былі прысвечаныя Рамуальду Райсу “Бураму” і Юзэфу Курасю, псеўданім “Огень”, паведамляе racyja. com. Каля двухсот чалавек прайшлі пад бел-чырвонымі сцягамі і сцягамі ОНР. – Зараз будзе лекцыя пра выбітнага афіцэра Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, нашага героя, гэта пацвердзіць для нас гісторык Лешэк Жэброўскі. Буры, Буры – наш герой!Раней у царкве прайшла паніхіда ў памяць бязвінных ахвяраў Рамуальда Райса, акцыя “Вечная памяць” ды выстава “Наша памяць”. На гэтай акцыі прысутнічала каля трохсот чалавек. Гаворыць Аліна Крутэль – галоўная арганізатарка акцыі “Вечная памяць”:– Сустракаемся тут, у Гайнаўцы, каб сказаць, што помнім пра тое, як загінулі нашы бабулі, нашы дзяды, нашы бацькі. Мы не згодныя з тым, што ходзяць па Гайнаўцы і гавораць, што Буры – наш герой. Бо Буры – не наш герой. Мы вельмі-вельмі моцна супраць гэтага. Марш „выклятых жаўнераў” успрымаецца бальшасцю жыхароў Гайнаўкі як правакацыя, накіраваная на тое, каб падзяліць мірнае грамадства горада.