Дык хто абвяшчаў незалежнасьць?

Лукашэнка адмаўляўся галасаваць за незалежнасьць Беларусі. Лукашэнка лічыць Незалежнасьць сваім дасягненьнем. Гэта ўсё роўна, калі б я сказаў, што бачу сваёй заслугай высадку астранаўтаў на Месяц. Сапраўды, 20 ліпеня 1969 года маці мне сказала, што амэрыканцы высадзіліся на Месяц, і я, заўтрашні першкаляснік, углядаўся ў той дзень ў спадарожнік Зямлі, спадзеючыся на ім нешта ўгледзіць; бачыў толькі кратэры – і ніякіх астранаўтаў. Лукашэнку з Незалежнасьцю пашанцавала болей. 25 жніўня 1991 дэпутат Лукашэнка прысутнічаў у Авальнай залі і бачыў дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія абвяшчалі Незалежнасьць – але і толькі. Мушу сказаць, што Лукашэнка быў у ліку тых 84 дэпутатаў, якія ў жніўні 91-га пасьля паразы праімперскага путчу ў Маскве падтрымалі заяву Апазыцыі БНФ аб неадкладным скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета. Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію на 24 жніўня, але прапанаваў разгледзіць толькі два пытаньні: “Аб бягучым моманце” і …. “Аб Саюзным даговоры”.