За грошы беларусаў нам вешаюць чужую прапагандысцкую лакшыну

Вынікі маніторынга прарасейскай прапаганды. Згодна апублікаваным дадзеным маніторынга прарасейскай прапаганды, выкананага экспертамі БАЖ, працэнт перадач расейскай вытворчасці на тэлеканалах, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, складае ад 14 % (тэлеканал “Беларусь-2) да 100% (тэлекампанія “МІР”). Няцяжка здагадацца, што працэнт “расейскацэнтрычных” праграм, якія дэманструюцца ў прайм-тайм, таксама надзвычай высокі – ад 40% да 60%. Такім чынам, можна канстатаваць, што незалежная беларуская тэлевізійная прастора – гэта ўмоўнасць. Гэта тым больш дзіўна, што дзяржаўныя тэлеканалы фінансуюцца наўпрост з дзяржбюджэта, то бок за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў. Атрымліваецца, за грошы беларусаў нам вешаюць чужую прапагандысцкую лакшыну. Нягледзячы на абяцанні чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі і кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў адносна павелічэння эфірнага часу за кошт уласна беларускай ТВ-прадукцыі, на практыцы справы выглядаюць інакш. Аўтары маніторынга прапаганды заўважаюць, што на тым жа тэлеканале “Беларусь-1”, дзе сітуацыя параўнальна не найгоршая, расейскіх перадач у прайм-тайм транслюецца каля 38% ад агульнай колькасці перадач.