![]()
У лютым 1387-га быў выдадзены Агульназемскі прывілей. Агульназемскі прывілей 1387 г. , заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вялікім князем Ягайлам у Вільні 20 лютага 1387 г. пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г. Зацвярджаў феадальныя правы баяр, якія прынялі і прымалі хрышчэнне па каталіцкім абрадзе ў час хрысціянізацыі язычніцкай Літвы. Прывілей гарантаваў такім баярам поўную ўласнасць на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі. Правы баяр-католікаў параўноўваліся з правамі шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы. Прывілей дазваляў удовам баяр карыстацца маёнткамі мужа; пры іх паўторным выхадзе замуж маёнтак перадаваўся дзецям або бліжэйшым сваякам мужа-нябожчыка. Маёнткі і насельніцтва баяр вызваляліся ад розных работ на карысць дзяржавы, за выключэннем будаўніцтва і рамонту дзяржаўных замкаў. У тэксце няма згадак пра грашовыя і натуральныя павіннасці: іх па-ранейшаму выплачвала і выдавала насельніцтва баярскіх маёнткаў.