Як беларуская мова зрабілася дзяржаўнай у ВКЛ

Нашая мова актыўна выкарыстоўвалася нават у дыпламатычным ліставанні з Масковіяй. У палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага Княства дамінавалі беларускія землі і наш народ. Цалкам заканамерна беларуская мова зрабілася ў краіне дзяржаўнай. Віленскі вялікакняскі двор здаўна быў беларускамоўным. Ад моманту стварэння ў XIV ст. вялікакняскай канцылярыі ў ёй выкарыстоўвалася тагачасная беларуская мова, якая была добра распрацаваная і цалкам магла забяспечваць усе патрэбы жыцця краіны. Мова, на якой тады размаўлялі продкі сучасных летувісаў – жамойты, яшчэ не была пісьмовай. Іхнае пісьменства ўзнікла толькі ў сярэдзіне XVI ст. , тым часам як беларускае мела ўжо 500-гадовую гісторыю. На нашай мове ствараліся і выдаваліся ўсе зборы законаў дзяржавы ад Статута (Судзебніка) вялікага князя Казіміра Ягайлавіча 1468 г. да самага дасканалага ў Еўропе Статута 1588 г. Па-беларуску гаварылі, выдавалі граматы і прывілеі манархі і ўсе галоўныя асобы Княства. Па-беларуску пісалі соймавыя пастановы.