Віцебскія каталікі патрабуюць ад Лукашэнкі вярнуць у Беларусь ксяндза Паўла Кнурэка

Пад лістом да дыктатара падпісаліся 465 чалавек. Віцебскія вернікі-каталікі просяць дыктатара паспрыяць у вырашэньні пытаньня аб вяртаньні ў Беларусь ксяндза Паўла Кнурэка – пробашча парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Пад зваротам да Лукашэнкі падпісаліся 465 чалавек, паведамляе vitebskspring. org. Віцебскія каталікі зьвярнуліся да Лукашэнкі пасьля таго, як атрымалі адмоўны адказ на свой зварот ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі. Чыноўнік у сваім лісьце не патлумачыў нават прычыны адмовы. “Мы разумеем, што, згодна з заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў мае права не паведамляць аб прычыне адмовы, але гэта не зусім сумленна ні ў дачыненьні да нас, грамадзян гэтай краіны, ні ў дачыненьні да сьвятара, які амаль 20 гадоў прысьвяціў служэньню на карысьць нашай дзяржавы і быў гатовы працягнуць гэтае служэньне. Калі такая прычына існуе, дык чаму пра яе нельга ведаць тым, хто ў гэтым зацікаўлены. Бо на дварэ ўжо ХХI стагодзьдзе, і жывем мы ў дэмакратычнай дзяржаве”, – гаворыцца ў звароце да дыктатара.