Чаму ў БССР «рэзалі» нават дзіцячыя вершы Ларысы Геніюш?

Дзіцячая паэзія культавай беларускай паэтэсы вяртаецца ў Беларусь. Зборнік вершаў «Унукам» быў прэзентаваны ў Гродна, далей — Мінск ды іншыя гарады краіны, піша «Новы час». Здавалася, б ці выпадае казаць пра нейкае цкаванне паэзіі Ларысы Геніюш у паваенным БССР? Тады ў яе выйшлі два дзіцячыя зборнікі: «Казкі для Міхаські» ды «Добрай раніцы, Алесь». Тыражы па сённяшнім часе фантастычныя — 42 і 50 тысячы асобнікаў. Зараз уявіць дзіцячыя кніжкі па-беларуску такімі накладамі наўпрост нерэальна. Але ж не ўсё так проста… «Бабулі распавядаюць байкі, а наша — вершы»Дзіцячыя вершы Ларыса Антонаўна пісала не абстрактным беларускім дзецям, але вельмі канкрэтным — сваім унукам Міхасю і Алесю, якія жылі ў Беластоку. Прыязджаць адно да аднаго атрымлівалася толькі зрэдку. Пагутарыць па тэлефоне — таксама няўдзячная працэдура і тое, не больш за 15 хвілін з пошты… Заставаліся папяровыя лісты. «Баба Ларыса, як мы яе звалі, не мела магчымасці выхаваць сына, — распавядае Міхась Геніюш.