Ігар Комлік: Паклёп у Беларусі ўжо ўзаконілі?

Прафсаюз РЭП працягне барацьбу з хлуснёй прапагандыстаў. Сёння, 14 лютага, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку было адмоўлена ў іх іскавых патрабаваннях. Іск аб абароне гонара, годнасці і дзелавой рэпутацыі быў пададзены да сайта belnovosti. by. “Такое рашэнне азначае, што пэўным людзям можна ўзвесці паклёп на іншых, і ім за гэта нічога не будзе”, – пракаментаваў для сайта palitviazni. info судовы вырак Ігар Комлік. Нагадаем, што ў маі мінулага года, калі прысуд фігурантам палітычна матываванай “справы прафсаюза” Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку яшчэ не быў вынесены, на вышэйзгаданым сайце з’явілася публікацыя пад назвай “Фіктыўны РЭП Фядыніча”. У артыкуле, у прыватнасці, сцвярджалася: “У 2015 годзе Комлік набыў двухпакаёвую кватэру коштам не менш за 42 тысячы еўра і дом за горадам – каля 42 тысяч еўра. Фядыніч, як сапраўдны лідар і абаронца працоўных, у тым жа 2015 годзе зарэгістраваў дом коштам каля 100 тысяч еўра, які пабудаваў на адным з зямельных участкаў пад Мінскам”.