![]()
22–24 лютага праект «Беларускія ўікэнды» правядзе спецыяльныя паказы фільмаў «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці». Гэтыя карціны набралі больш за ўсё галасоў у глядацкім галасаванні за любімыя фільмы праекта. Паказы будуць прысвечаны Дню роднай мовы. Агучку і пераклад фільмаў на беларускую мову выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.
Глядацкае галасаванне за найлепшыя фільмы праекта «Беларускія ўікэнды» праходзіла ў студзені ў рамках «Каляднага марафону». Гледачам і анлайн-аўдыторыі праекта было прапанавана выбраць любімыя жанры фільмаў і тыя карціны, якія яны хацелі б зноў убачыць на вялікім экране. Па выніках галасавання, у якiм прыняла ўдзел больш за паўтары тысячы чалавек, «Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» і «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» увайшлі ў топ-3 любімых фільмаў.
Фільм «Форэст Гамп» пераклалі на беларускую мову ў 2017 годзе. Гісторыю незвычайнага лёсу, якая атрымала ў 1995 годзе сем прэмій «Оскар», на вялікіх экранах Мінска ў беларускай агучцы паглядзела больш за 2000 чалавек.