![]()
Як магло здарыцца забойства ў беларускай школе і хто вінаваты? Як магло такое здарыцца ў Беларусі і хто вінаваты? Грамадства шакаванае разнёй у Стаўбцоўскай школе №2, калі вучань 10 класу нажом забіў двух чалавек – настаўніцу і вучня, а траіх цяжка параніў. Каментуе “Радыё Рацыя” Таццяна Севярынец, педагог з 36-гадовым стажам:– Самае страшнае пачалося ў 90-я гады, калі ўсё рухнула. Людзі кінуліся ў заробкі, бо трэба было выжываць. Людзі зарабілі капейку, капейка аказалася смачнай, і ў асноўным сем’і забыліся на тое, што ў іх ёсць дзеці. Я працавала ў той час у школе, і мы былі ў жаху, калі ўбачылі, які абвал пайшоў па адзнаках. Бо большасць дзетак былі кінутыя самі на сябе. Бо бацькі кінуліся ў заробкі – хто ў Турцыю, хто ў Кітай, хто ў Расею. Для таго, каб выжыць. І з тае пары, на жаль, у грамадстве нічога не змянілася. Па-другое, вось гэтая разбуральная палітыка сённяшняга кіраўніцтва дзяржавы прыводзіць да таго, што духоўныя каштоўнасці, каштоўнасць чалавечага жыцця нічога не вартыя.