![]()
Беларускі рок-гурт Re1ikt прэзентаваў відэа «Музыка». Песня на словы забытага беларускага паэта Анатоля Сербантовіча, які трагічна загінуў у 70-я гады мінулага стагоддзя, распавядае пра чароўны свет гукаў, куды трапляе лірічны герой, а следам за ім – і слухачы, паведамляе “Радыё Рацыя”. “Падчас працы над відэа мы наўмысна выкарыстоўвалі мінімум візуальных спецэфектаў, таму што хацелі сфакусаваць увагу на тэксце і музыцы”, – распавядае лідар гурту Re1ikt бубнач Алесь Дземідзенка. Рэжысёрам кліпа выступіў Арцём Лобач, аўтар фільма “Беларускія песні: традыцыя адлегласці”, што таксама працаваў з такімі артыстамі, як J:Морс, The Toobes, Akute, Vuraj і шматлікімі іншымі. Кампазіцыя была напісаная як прыклад для ўдзельнікаў праекта «Заспявай-5» – штогадовага конкурса маладых выканаўцаў, галоўнай умовай якога з’яўляецца стварэнне твораў на вершы беларускіх паэтаў. Міжнародны дзень музыкі, адным з натхняльнікаў якога стаў кампазітар Дзмітрый Шастаковіч, заснаваны па ініцыятыве Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЭСКА і пачынаючы з 1975 года штогадова адзначаецца ва ўсім свеце 1 кастрычніка вялікімі канцэртнымі праграмамі з удзелам найлепшых артыстаў.