Дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 і 13 склікання: Трэба адстойваць незалежнасць усім народам

У Беларусі ёсць дэмакратычныя сілы, якія не хочуць ніякай каланізацыі. У Менску правялі сход дэпутаты двух легітымных парламентаў — Вярхоўнага Савета 12 і 13 склікання. Паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў, які быў госцем сходу, адзначыў важнасць гэтага мерапрыемства і прынятай на ім заявы для захавання незалежнасці Беларусі, паведамляе «Радыё Рацыя». – Самыя паважаныя людзі, якія прымалі першую Канстытуцыю, людзі легітымныя, іх ведаюць у грамадстве, сабраліся, таму што бачаць, што над нашай незалежнасцю ўзнікла вялікая пагроза. Фота: racyja. com Нам толькі здаецца, што гэтая пагроза не такая страшная. Мы заўсёды павінны памятаць, што адбываецца ва ўсім свеце. Нейкая ствараецца складаная сітуацыя, усе думаюць, што яна сама сабой разрашыцца, а яна канчаецца тым, што людзі трапляюць у рабства. Таму зараз патрабуецца адстойваць незалежнасць Беларусі літаральна ўсім народам, – падкрэсліў Сяргей Законнікаў. Па яго словах, неабходна, каб аб гэтай падзеі – сходзе і прынятых на ім дакументах, даведаліся як мага шырэй не толькі ў беларускім грамадстве, але і ў свеце.