У Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі»

Адкрыццё выставы адбудзецца 14 лютага а 18–й гадзіне. 14 лютага а 18–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Сакральная культура Касцёла Беларусі”. Сёння каталіцтва з’яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй у Беларусі. Каталіцкі касцёл на працягу многіх стагоддзяў быў неад’емнай часткай магістральнага развіцця культуры на беларускіх землях і за некалькі стагоддзяў сваёй дзейнасці глабальна паўплываў на эвалюцыю мастацкіх і музычных традыцый, адукацыйных працэсаў, кнігадрукавання. У сваю чаргу, духоўныя традыцыі і сакральная спадчына, што захоўваецца ў касцёлах, значна менш вядомая шырокай публіцы, аднак з’яўляецца не менш цікавай і захапляльнай. Дадзеная выстава заклікана паказаць асноўныя традыцыі каталіцкага касцёла Беларусі – найбольш значныя святы літургічнага гадавога цыкла і своесаблівыя культурныя звычаі, а таксама надзвычайныя артэфакты, перанесеныя наўпрост з сакральнай прасторы касцёлаў у прастору свецкую.