![]()
9 лютага спаўняецца 60 гадоў літаратуразнаўцу Міхасю Казлоўскаму. Пра калекцыянера, літаратуразнаўца, краязнаўца, бібліяфіла, гісторыка, літаратара і грамадска-культурнага дзеяча з Маладэчна Міхася Казлоўскага доктар філалагічных навук, прафесар Белдзяржуніверсітэта Вячаслаў Рагойша неяк напісаў так: “Я не раз казаў і кажу: дай бы Бог хаця б па аднаму такому Казлоўскаму на кожны раён Беларусі, і будучыня нашай Бацькаўшчыны не выклікала б трывогі”. З прафесарам поўнасцю пагаджаюся. Міхась Казлоўскі, якому 9 лютага спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння, шмат зрабіў і робіць дзеля беларускай культуры і літаратуры. На фота: Сяргей Панізьнік і Міхась Казлоўскі Ён не лезе ў вялікія пісьменнікі і гісторыкі, ён усё жыццё ціха і спакойна займаецца сваёй любімай працай – вяртае з небыцця імёны забытых людзей, якія заслугоўваюць нашай светлай памяці. Зроблена Міхасём Казлоўскім шмат таго, што павінны рабіць нашы інстытуты і акадэмія навук разам узятыя.