![]()
Беларускаму барду, актору, паэту і шоўмэну Віктару Шалкевічу 9 лютага спаўняецца 60 гадоў. Ён расказаў Радыё Свабода пра сваё захапленьне зёлкамі, патлумачыў, адкуль сілкуецца энэргіяй, і пазнаёміў са сваім катом Сьцяпанам. Дзе б ні зьявіўся Віктар Шалкевіч, яго адразу становіцца шмат. Ён гучна размаўляе на трасянцы, спрытна ўстаўляе польскія слоўцы, шырока размахвае рукамі і часам лаецца матам. «А вы ведаеце такі анэкдот?», — пытаецца ён пасярод расповеду і сам многа жартуе і сьмяецца. «Ведаю, ад чаго дапамагаюць амаль усе расьліны» — Вы сьпяваеце пра «лета, якое мы зноў змарнавалі». У вас такіх летаў 60. Як вы ўспрымаеце гэты ўзрост?— У Чэхава ёсьць апавяданьне «Анна на шее». Герою 52 гады, выглядае ён благавата, гэта XIX стагодзьдзе. Людзі ў XX стагодзьдзі маладзейшыя. Усё закладзена за чарапной скрынкай, там усё працуе. Часам каленка баліць, пазваночнік далягае. Але жывеш і не задумваесься. Бог дае знак: «Давай жыві, а там будзе бачна». Лета, якое мы зноў змарнавалі.