Зянон Пазьняк: Беларускамоўнага ўніверсітэта не будзе, пакуль будзе гэты рэжым

Кіроўны ў Беларусі рэжым будзе перашкаджаць паўнавартаснай працы прыватнага Універсітэта імя Гілевіча. Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк лічыць, што кіроўны ў Беларусі рэжым будзе перашкаджаць паўнавартаснай працы прыватнага Універсітэта імя Гілевіча. Палітык у інтэрв’ю “Радыё Рацыя” заявіў, што цяперашнія ўлады цалкам перанялі савецкую палітыку знішчэння ўсяго нацыянальнага, разбурэнне цэласнай сістэмы адукацыі на роднай мове. Пакуль улады нешта абяцаюць, але затым будуць замінаць універсітэту, лічыць Зянон Пазьняк. – Гэта як з памятнай дошкай пра 100-годдзе БНР. Пачатковую школу, сярэднюю – на адной мове, а далей усё. Уявіце сабе, чалавек ідзе на матэматычны факультэт. Там жа зусім другая тэрміналогія. Там немагчыма ўключыцца, прагматызм будзе браць верх, чалавек мусіць неяк сацыяльна ўладкавацца. Цяперашняе кіраўніцтва краіны стварае ўсе ўмовы дзеля таго, каб усё новыя і новыя пакаленні беларусаў на сваёй роднай зямлі вучыліся па-расейску, кажа Зянон Пазьняк.