![]()
У вырашальны момант Вярхоўны Савет атрымаў заключэнне Інстытуту гісторыі. Памёр гісторык, акадэмік Міхаіл Касьцюк. Каб зразумець ролю чалавека ў той ці іншай падзеі, часам трэба ўявіць падзею безь яго. Без гісторыка Касьцюка Беларусь у 1991-1995 ня мела б бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Вярхоўны Савет БССР прыступіў да разгляду ініцыяванага Апазыцыяй БНФ пытаньня пра наданьне гербу Пагоня і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў толькі 19 верасьня 1991 году. За тры тыдні, якія прайшлі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці 25 жніўня, сытуацыя ў грамадзтве прыкметна зьмянілася: актыўнасьць людзей зьменшылася, сабраць дзясяткі тысяч на Плошчы ўжо было немагчыма (эканамічная сытуацыя пагаршалася, людзі былі заклапочаныя элемэнтарным выжываньнем, урэшце, многія паехалі ў вёску капаць бульбу). Мы разумелі, што, каб дамагчыся выніку, давядзецца зьмяніць тактыку, замяніць наступ на лагоднасьць: не патрабаваць, а — угаворваць. Угаворваць тых, хто быў (ды і заставаўся) нашым ідэйным апанэнтам.