Дырэктарка Чэскага цэнтру ў Кіеве: У Беларусі яшчэ ўсё наперадзе

Чэхія ў гісторыі беларускай культуры ад Скарынавых часоў займае важнае месца. Аднак у Менску дагэтуль няма Чэскага цэнтру — культурнай «амбасады» Чэхіі ў сьвеце. «Радыё Свабода» пагутарыла з дырэктаркай Чэскага цэнтру ў Кіеве Луцыяй Ржэгаржыкавай, якая прыяжджае ў Менск для ўдзелу ў міжнароднай кніжнай выставе. — Дзе і як вы так добра навучыліся гаварыць па-ўкраінску?— Як ні дзіўна — у Брне, на ўкраіністыцы ва ўнівэрсытэце. Спадзяюся, што ваш камплімэнт — гэта не намёк на тое, што ў мяне брненскі акцэнт. Але практыку я, вядома ж, набывала ў Кіеве. Ва ўкраінскую мову я закахалася і падазраю, што гэта было каханьне зь першага позірку, або дакладней — почуту. — Як даўно вы ў Кіеве?— У Кіеве я ўжо пяты год. Гэта няпросты для жыцьця, вялікі горад з частымі заторамі і самымі рознымі ўскладненьнямі — ну гэта калі параўноўваць з жыцьцём у зацішнай Чэхіі. Але тут цудоўныя людзі, якія кампэнсуюць любы дыскамфорт. — Колькі наогул у сьвеце Чэскіх цэнтраў? Чаму няма ў Беларусі?— Усяго па ўсім сьвеце 24 аддзяленьні, але, на жаль, у Беларусі пакуль што няма.