![]()
Што адбываецца ў мясцінах, дзе нарадзіўся і змагаўся наш нацыянальны герой. Споўнілася 181 год ад дня нараджэння нацыянальнага героя беларускага народу Кастуся Каліноўскага. Нарадзіўся ён 2 лютага 1838 году ў Мастаўлянах, тады Ваўкавыскага павету, цяпер на Падляшшы. У гэтай вёсцы з 2015-га году стаіць памятны знак у гонар Кастуся Каліноўскага, перадае «Радыё Рацыя». А як у Беларусі ўшаноўваецца яго памяць? Асабліва ў такіх мясцінах, дзе ён жыў і змагаўся: Гародня, Свіслач, Якушоўка, Рэпля і Кузьмічы. Кажа краязнаўца, журналіст Уладзімір Хільмановіч:– У Рэплі і ў Кузьмічах нічога няма, на жаль, а вось што датычыць Якушоўкі, то там ажно некалькі знакаў усталявана, у розны час. Паўстаў там памятны камень з шыльдай пра аўтара «Мужыцкай праўды», пра Кастуся Каліноўскага, ён з’явіўся ў сярдзіне 90-х гадоў. Калі была ў Свіслачы знойдзена магіла Віктара Каліноўскага, і адрамантаваны памятны крыж, у Якушоўцы паўстаў крыж працы каваля Юрася Мацко, які ўсталявала грамадскасць.