Cыход з дыстанцыі

Для Беларусі і Расіі спорт стаў кароткім шляхам да піяру правіцеляў з падмочанай рэпутацыяй. Прапагандысцкая балбатня наконт таго, што спорт не мае дачынення да палітыкі, даўно выявіла сваю хлуслівасць. Вушы вытыркнуліся да канца. Дзеля ўласнага іміджу і піяру аўтакраты, «аки львы», б’юцца за правядзенне ў падначаленых краінах міжнародных спартыўных спаборніцтваў. У сучасным свеце прагматычная хлусня мае адзін сцэнар. Спачатку дзея або з’ява катэгарычна адмаўляюцца, і гэта працягваецца доўга, а затым прызнаюцца. Так было з нахабным захопам паўвострава Крым расійскімі вайскоўцамі, з хітра прыхаваным уваходжаннем чужой арміі у Данецкую і Луганскую вобласці Украіны: рашучае адмаўленне, паўза, каб прывыклі да таго, што здзейснена, і пасля — цынічнае прызнанне злачынства. Нешта падобнае адбываецца вакол спорту. Чвэрць стагоддзя аўтарытарныя рэжымы Беларусі і Расіі з пенай у роце даказвалі, што спорт «вне политики». У гэтую дудку аж да пасінення дзьмулі правіцелі, спартыўныя чыноўнікі,трэнеры і самі ўдзельнікі спаборніцтваў.