У Гароднi ўзгадалі Вітаўта Вялікага

Выступоўцам па тэме Вітаўта Вялікага быў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. У гарадзенскай гарадской дзіцячай бібліятэцы ўпершыню ў 2019 годзе адбылося паседжанне інтэлектуальнага клубу “Паходня Ісціны”, у які ўваходзяць вядомыя гісторыкі і краязнаўцы, паведамляе “Радыё Рацыя”. Гэтым разам выступоўцам па тэме Вітаўта Вялікага быў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч: – Вітаўт думаў пра краіну, пра дзяржаву, будучы гарадзенскім князем, а ён стаў ім у веку 20-ці з невялікім гадоў, калі бацька паставіў яго на Гарадзенскае княства вучыцца дзяржаўнаму кіраванню. Бацька Кейстут, які валодаў Трокамі, Падляшшам, Гарадзенскім княствам. І падобна, што Вітаўт ужо тады паказаў сябе вельмі здольным князем. У прыватнасці, нават калі ён быў у выгнанні, пасаджаны, калі ўцякаў з гэтай турмы, то яго чакаў якраз ваўкавыскі цівун з Гарадзенскага княства. Гарадзенскі гісторык Віталь Карнялюк задаволены кожнай сустрэчай з Краўцэвічам:– Любая сустрэча з Алесем Краўцэвічам – гэта сустрэча з прафесійным гісторыкам, які мае свой погляд на нашу мінуўшчыну.