![]()
Палітык сустрэўся з жыхарамі Віцебска. У віцебскім «Эўрапейскім клюбе», што на Сеньненскай, 20 студзеня прайшла сустрэча зь вядомым беларускім палітыкам і былым палітвязьнем Паўлам Севярынцам. Паслухаць магчымага будучага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду прыйшлі некалькі дзясяткаў мясцовых палітычных і грамадзкіх актывістаў, перадае vitebskspring. org. Распачалася сустрэча з кніжнай прэзэнтацыі. Многія з прадстаўленых кнігаў Павал ужо прывозіў летась, калі знаёміў віцебчукоў зь першай часткай раману «Беларусалім». Дадаліся хіба што дзьве кнігі: «Падзейнік» – беларускамоўны хрысьціянскі штодзёньнік, і «Каменнае сэрца» – зборнік невялікіх эсэ, напісаных у беларускіх засьценках – на хіміі, у турме і «на сутках». «Каменнае сэрца» выйшла ў сэрыі «Беларуская турэмная літаратура» пры падтрымцы Праваабарончага цэнтру «Вясна». Прэзэнтаваўшы свае творы, палітык перайшоў да тэмы будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Калі адбудуцца гэтыя выбары, яшчэ дакладна не вядома. Што тычыцца Паўла Севярынца, то ён спадзяецца атрымаць перамогу ў так званых праймэрыз і стаць адзіным кандыдатам адразу ад трох структураў – Абяднанай грамадзянскай партыі, руху «За свабоду» і аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».