Бабруйчане ўшанавалі памяць Алеся Адамовіча

На вечарыну ў гонар пісьменніка завітала ягоная дачка Наталля. Былі таксама госці з Магілёва і Менска: настаўнікі, журналісты, пісьменнікі. Мерапрыемства прайшло 20-га студзеня ў тайм-клубе «1387». Зладзілі яго бабруйская суполка ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», інтэрнэт-газета «Бабруйскі кур’ер», ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча». 26-га студзеня споўніцца 25 гадоў са дня смерці пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча. Адамовіч – наш зямляк. Дзяцінства і юнацтва ён правёў у Глушы, што за 20 кіламетраў ад Бабруйска. Глушы прысвячаў свае творы, часта ўзгадваў у нататках. Пра Алеся Адамовіча кажуць – постаць еўрапейскага маштабу, разам з Васілём Быкавым – сумленне нашай нацыі, «беларускі Вацлаў Гавэл», «бадай што адзіны з пісьменнікаў, які не баяўся казаць чыноўнікам праўду ў твар», зацяты барацьбіт за мір на зямлі, супраць атаму – як ваеннага, так і мірнага, за свабоду слова. Алесь Адамовіч – не толькі пісьменнік. Ён працаваў на мяжы літаратуры і журналістыкі.