У Гомелі ўшанавалі памяць Міхася Жызнеўскага

Дзясяткi актывістаў правялі жалобную сустрэчу на могілках ля вёскі Сцяг Працы. Некалькі дзясяткаў грамадскіх актывістаў руху “Разам”, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных структур з Гомеля правялі жалобную сустрэчу на могілках ля вёскі Сцяг Працы, дзе пахаваная сям’я Жызнеўскіх, паведамляе “Радыё Рацыя”. Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі быў знаёмы з забітым гомельцам:– Я пазнаёміўся з ім асабіста на Майдане незадоўга да таго, як ён загінуў. Але першае, што кідалася ў вочы, калі ты размаўляў з ім, гэта тое, што гэтаму чалавеку не ўсё роўна. Ён не можа стаяць у баку, калі трэба зрабіць крок наперад. Фотa: “Радыё Рацыя” Гомельскі палітык Уладзімір Кацора штогод удзельнічае ў арганізацыі акцый памяці Міхаіла Жызнеўскага:– Ушаноўваем і будзем ушаноўваць памяць Міхася Жызнеўскага – беларуса, маладога хлопца, які загінуў на Майдане пяць год таму.