«У Мінску амаль што няма беларускамоўных яселек ды садкоў»

Сітуацыя дзіўная, нездаровая. Калі трохгадовая Ядзвіга пайшла ў дзіцячы садок, ёй прыйшлося нялёгка.  «Мышка пад каберцам», — тлумачыла свой малюнак дзяўчынка аднагрупнікам ды выхавацелям.  «Што?» — не разумелі першыя.  «Што-о-о?» — пыталіся другія. Ядзя бянтэжылася. На хвіліначку, усё гэта адбывалася ў беларускамоўнай групе мінскага дзіцячага садка №403. Дакладней, фармальна беларускамоўнай. Такіх груп у Мінску не менш як сто, але насамрэч шмат дзе толькі шыльды, гавораць бацькі. Чаму так адбываецца і што рабіць дарослым, якія абіраюць беларускую мову для сваіх дзетак, высвятляў Onliner. Фота: onliner. by «У 80-х усе беларускамоўныя беларусы ведалі адзін аднаго»Я прадбачу пытанне чытачоў «а што, Ядзвіся не магла сказаць па-руску „мышка под ковриком“?», таму адразу адкажу: не, не магла. Гэтая дзяўчынка ад нараджэння не чула ніводнага слова па-руску ў сваёй сям’і. Абсалютна сур’ёзна. Бацькі Ядзі, Сяргей ды Іна Мудрачэнкі, зрабілі свой выбар і перайшлі на беларускую мову за шмат гадоў да з’яўлення дзіцяці.