![]()
«Гісторыю Беларусі» хочуць замянiць падручнiкам ад каманды «дэпутата» Марзалюка. Ва ўнівэрсытэтах Беларусі можа зьявіцца курс гісторыі беларускай дзяржаўнасьці з падручнікамі ад каманды пад кіраўніцтвам «дэпутата» Марзалюка», піша БелТА. Ці рашэньне канчатковае, невядома. Адзін з аўтараў манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» прафэсар Валянцін Голубеў заявіў, што гісторыю беларускай дзяржаўнасьці будуць выкладаць замест гісторыі Беларусі «з наступнага году, хутчэй за ўсё», — «гэта амаль вырашана». Паводле Голубева, на гэта дадуць нават больш навучальных гадзінаў, чым было на гісторыю Беларусі. Пытаньне разглядалася на радзе рэктараў ВНУ, расказаў акадэмік-сакратар Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук Аляксандар Каваленя. Паводле яго, «сёньня ўжо можна казаць аб тым, што такі курс ухвалены дэканамі і рэктарамі нашых ВНУ», і першы варыянт праграмы ўжо разгледжаны, паведамляе «Радыё Свабода». Міністэрства адукацыі і Нацыянальны інстытут адукацыі пра такія пляны пакуль не паведамлялі.