![]()
Дынастыя Рагвалодавічаў, якая з канца Х стагоддзя кіравала Полацкім княствам, вядомая не толькі праз свае палітычныя ды вайсковыя справы. Aле і праз тое, што многія яе прадстаўнікі праславіліся як выбітныя дзеячы хрысціянскай Царквы – спачатку агульнай, яшчэ непадзеленай расколам 1054 году, а затым Праваслаўнай, піша Максім Гацак для krynica. info. Прычым пачатак гэтаму паклала сама княгіня Рагнеда Рагвалодаўна, якая не толькі адрадзіла дынастыю свайго бацькі на полацкім пасадзе, але незадоўга перад смерцю ў 1000 годзе прыняла манаскі пострыг з імем Настасся. Хоць гэты і эпізод і ўзгадваецца толькі ў даволі познім Цвярскім летапісе, сам далейшы лёс Полацкай княскай дынастыі робіць такое развіццё падзей даволі верагодным. Быў веруючым чалавекам і яе сын Ізяслаў. Напрыклад, ужо Ніканаўскі летапіс апісвае яго наступным чынам: «Быў жа гэты князь ціхі і лагодны, і памяркоўны, і міласцівы, і любіў вельмі і ўшаноўваў святарскі чын манашскі, і рупліва перачытваў Боскія пісанні, і пазбягаў нікчэмнай мітусні, і слёзны быў, і спагадны, і доўгацярплівы…».