«Каго любіш? – Беларусь!»: патрыятычны каляндар на 2019 год

Правядзіце гэты год з Астрожскім і Каліноўскім. Напэўна, кожны на пачатку новага года складае планы, ставіць мэты на найбліжэйшыя 12 месяцаў. Натуральна, што мы думаем пра важныя падзеі, якія будуць у нашым жыцці. Зараз мы і згадаем важныя для нашай нацыі даты, беларускія даты. Гартаючы каляндар, бачым, што фактычна на кожны дзень прыпадае нейкая важная падзея, дзень народзінаў ці смерці выбітных людзей, славутыя ці трагічныя дні. У гэтым артыкуле не магчыма апісаць усё, бо iх сотні, спынюся толькі на некаторых датах, якія трэба годна ўзгадаць сёлета. Канешне іх варта належна адзначаць кожны год, але ўлады Рэспублікі Беларусь не зацікаўленыя ў сапраўдным патрыятычным выхаванні не толькі моладзі, але i грамадства ў цэлым. Таму ўвесь прыемны цяжар кладзецца на нас з вамі. 22 сакавіка 1864 году ў Вільні загінуў Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на землях сённяшніх Літвы і Беларусі Апошнім часам прапаганда чарговы раз спрабуе ачарніць гэтую постаць i скалечыць гістарычную памяць, распаўсюджваючы не сёння створы фэйк, што тыя, хто падымаў паўстанне ў Беларусі супраць маскальскага панавання – гэта палякі.