У Варшаве пад Пагоняй разьвіталіся зь гісторыкам Юрыем Туронкам

Яго пахаваюць на праваслаўных могілках у Варшаве. У грэка-каталіцкай царкве Ўсьпеньня Багародзіцы ў Варшаве сёньня адбылася паніхіда па Юрыю Туронку. Адпяваў памерлага 2 студзеня гісторыка апольскі візытатар для беларускіх грэка-католікаў, архімандрыт Сяргей Гаек, перадае «Радыё Свабода». Юры Браніслававіч Туронак нарадзіўся 26 красавіка 1929 г. у Дукштах (сёньня — Літва) у сям’і дзеяча заходнебеларускага руху. Скончыў Дукштанскую пачатковую школу (1942), вучыўся ў Віленскай гімназіі № 1. Зь перадачай Беласточчыны ПНР апынуўся ў Польшчы (1945). Скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, дасьледуючы каньюнктуру міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Эўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэнэве. Гістарычнымі дасьледаваньнямі займаецца з пачатку 1960-х.