«Мова абараняе межы краіны мацней за армію»

Патрыёты Віцебшчыны выступаюць за ўмацаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі. Канфэрэнцыя «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць» прайшла ў Віцебску 5 студзеня. Імпрэза пачалася супольным сьпевам рэлігійнага нацыянальнага гімну «Магутны Божа» і скончылася прыняцьцем выніковай рэзалюцыі. Уся дзея праходзіла ў актавай залі абласной бібліятэкі, піша «Віцебская вясна». У рэзалюцыі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Віцебшчыны выказалі занепакоенасьць агрэсыўнай палітыкай Крамля і запатрабавалі ад уладаў актыўных захадаў па абароне незалежнасьці краіны. На пачатку мерапрыемства адзін зь яго арганізатараў Хрыстафор Жаляпаў зазначыў, што ў залі сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны, якіх турбуе лёс Бацькаўшчыны. Хрыстафор Жаляпаў Ён патлумачыў, што ідэя правядзеньня гэтай канфэрэнцыі ўзьнікла ў яго пасьля актывізацыі ў вобласьці прарасейскіх сілаў і асабліва пасьля візыту ў Віцебск Сяргея Бабурына, які правёў у горадзе зьезд грамадзянскай ініцыятывы «Саюз» – супольнага ўтварэньня расейскіх і беларускіх прыхільнікаў «адзінай дзяржавы».