Легендарны навагодні фільм «Адзін дома» пакажуць па-беларуску

З 11 па 13 студзеня ў кінатэатрах «Масква» і velcom cinema пройдуць святочныя паказы фільма «Адзін дома» на беларускай мове. Пераклад і агучку стужкі выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom у рамках праекта «Беларускія ўікэнды». У агучцы фільма ўзялі ўдзел 14 чалавек, уключаючы прафесійных акцёраў тэатра і кіно, – гэта новы рэкорд «Беларускія ўікэнды». Зняты ў 1990 годзе «Адзін дома» – адзін з самых папулярных навагодніх фільмаў апошніх трыццаці гадоў. Стужка расказвае пра Кевіна МакКалістара, малодшага сына ў вялікай сям’і. Напярэдадні вандроўкі ў Еўропу яго выпадкова пакінулі дома аднаго, і яму прыйшлося спраўляцца з недзіцячымі праблемамі: у прыватнасці, з парай прафесійных рабаўнікоў. У 1991 годзе сямейная камедыя са шчаслівым фіналам атрымала дзве намінацыі на «Залаты глобус» і дзве – на «Оскар». Над фільмам працавала сапраўдная зорная каманда: рэжысёр Крыс Каламбус, сцэнарыст Джон Х’юз, кампазітар Джон Уільямс. Запамінальнымі сталі ролі Джо Пешы і Дэніэла Стэрна, якія гралі рабаўнікоў.