Жывіць людзей не бульба…

Aдметныя акалічнасці гэтага Новага году. Зайшоў я 1 студзеня, адразу ў першы дзень Новага году, у адзін з гарадзенскіх супермаркетаў. Зайшоў як у музей – так ціха, наведнікаў мала, ля кожнай паліцы можна спыняцца як ля палотнаў карціннай галерэі. І ня дзіва – людзі яшчэ адаспацца не паспелі пасля бурлівай навагодняй ночы. Бальшыня ў нас па звыклай завядзёнцы аддаецца ў гэтую навагоднюю ноч Бахусу і абжорству напоўніцу, таму ня дзіва, што 1 студзеня народ выпаўзае на вуліцу толькі пад вечар. Да ўсяго многія сустракалі 2019 год як мінімум тры разы. Першы раз паводле ні то беларускага, ні то маскоўскага часу – людзі дагэтуль дыскутуюць пра гэта ў сацыяльных сетках. Другі раз паводле паўночных і паўднёвых суседзяў – па літоўскіх і ўкраінскіх гадзінніках. Ну і нарэшце па польска-еўрапейскім часе. Так што дзівіцца малаколькаснасці людзей зранку на вуліцах і ў маркеце асабліва не выпадала. А тут яшчэ надвор’е выдалася зусім “нялётнае” і незімовае. На паліцах сучасных супермаркетаў ёсць усё.