![]()
Што значыць імя Юркі Туронка ў беларускай гістарычнай навуцы. Зь Юркам Туронкам я пазнаёміўся ў Варшаве ў свой студэнцкі час, недзе пад канец 1970-х. Мы не маглі не пазнаёміцца, бо ўсе тыя ў Варшаве, хто спачуваў беларускай справе, наогул раней ці пазьней сустракаліся ў клюбе Беларускага грамадзка-культурнага таварыства (БГКТ) на вуліцы Сэнатарскай 8. У камуністычныя часы БГКТ было адзінай легальнай беларускай арганізацыяй у Польшчы, і кожны, хто хацеў хоць што-колечы зрабіць у беларускім накірунку, такім або іншым бокам судакранаўся з гэтай арганізацыяй, якая знаходзілася, як кожнае іншае нацменшаснае таварыства ў краіне, пад пільным вокам куратараў зь Міністэрства ўнутраных справаў. Перад намі, студэнтамі, Юрка Туронак — які быў з пакаленьня нашых бацькоў — не хаваў сваёй антыпатыі ні да камуністычных парадкаў у агульнасьці, ні да функцыянэраў з БГКТ у прыватнасьці. І ён зь вялікай радасьцю і энтузіязмам успрыняў нашу спробу, вясною вірлівага 1981 году, вырвацца з-пад апекі спэцслужбаў і заснаваць незалежную беларускую арганізацыю — Беларускае аб’яднаньне студэнтаў.