![]()
Топ самых знакамітых кніг выбітнага гісторыка. На 90 годзе жыцьця ў Варшаве 2 студзеня памёр Юры Туронак. «Радыё Свабода» згадвае некаторыя кнігі выбітнага гісторыка. 1. «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»Другую сусьветную вайну ў Беларусі дасьледавалі сотні гісторыкаў. Каб скласьці ўсе іхнія манаграфіі ў адно месца — атрымалася б цэлая бібліятэка. На жаль, ці ня ўсе савецкія гісторыкі змушаныя былі грашыць супраць ісьціны і ў сваіх пісаньнях падпарадкоўвацца дыктату партыйных ідэолягаў. Гераічная абарона Берасьцейскай крэпасьці, партызанскія рэйды на чыгунцы, пераможная апэрацыя «Багратыён». . . Але ж у Беларусі і пад нямецкай акупацыяй жылі мільёны людзей, нараджалі і вучылі ў школах дзяцей, сеялі жыта, паміралі сваёй сьмерцю, а не ад варожай кулі. Менавіта такую — падакупацыйную — Беларусь і паказаў Юры Туронак. У 1993 годзе ў менскай кнігарні «Сьветач» людзі стаялі ў чарзе, каб набыць Туронкаву «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» у кідкай бел-чырвона-белай вокладцы.