Сяргей Законнікаў: Наша грамадства ніяк не можа ўцяміць, што яно — магутная сіла

Беларусы здольныя нацыянальна і палітычна з’яднацца і даць адпор злу. У «балеце» пад назвай «Дзяржава — гэта я!», які адначасова пастаўлены ў Беларусі і Расіі, з салістамі ўсё ясна. Кожнаму з іх патрэбна неабмежаваная ўлада, слава, задавальненне амбіцый, магчымасць аднаму распараджацца велізарнымі матэрыяльнымі рэсурсамі і людзьмі. Але ж яшчэ ёсць кардэбалет — фонавая, масавая падтанцоўка, пiша паэт i публiцыст Сяргей Законнікаў для sn-plus. com. У аўтарытарнай краіне наменклатурная і прыўладная падтанцоўка адыгрывае важную ролю. Па-першае, яна будуе для правіцеля са сваіх сагнутых спінаў неабходны п’едэстал, а па-другое, падмяняе сам народ. Грамадзяне не толькі нічога не рашаюць на выбарах і рэферэндумах, бо вынікі галасавання фальсіфікуюцца падтанцоўкай, але і скаргі, крытычныя сігналы, прапановы не даходзяць наверх, адсейваюцца бюракратамі. Затое служкі ўзурпатара развіваюць актыўную падхалімскую дзейнасць. Падтанцоўка глядзіць у рот галоўнаму балеруну і вышуквае захады, каб яму дагадзіць.