«Яго дасьледаваньні сталі таранам, які прабіў глухую сьцяну»

Юры Туронак — навуковец, які сымбалізаваў сабой цэлую эпоху ў беларускай гістарыяграфіі. На 90-ым годзе жыцьця ў Варшаве 2 студзеня памёр гісторык Юры Туронак. Юры Браніслававіч Туронак нарадзіўся 26 красавіка 1929 г. у Дукштах (сёньня — Літва) у сям’і дзеяча заходнебеларускага руху. Скончыў Дукштанскую пачатковую школу (1942), вучыўся ў Віленскай гімназіі № 1. Зь перадачай Беласточчыны ПНР апынуўся ў Польшчы (1945), перадае «Радыё Свабода». Скончыў Галоўную школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве (1952). Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце, дасьледуючы каньюнктуру міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Эўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэнэве. Гістарычнымі дасьледаваньнямі займаецца з пачатку 1960-х. Доктар гісторыі (1986). Аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (шэсьць выданьняў: 1993-2007), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» (1992, 2007), «Людзі СБМ» (2006), «Мадэрная гісторыя Беларусі» (2006).