![]()
Нельга мірыць непрымірымае. Сёньня даволі шмат беларусаў, нават некаторыя гісторыкі, найперш сярод занятых у дзяржаўных установах (ня блытаць з гісторыкамі афіцыёзнымі), бачаць Беларускую Народную Рэспубліку і Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку як дзьве формы беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці. Такі погляд першым выклаў акадэмік Іларыён Ігнаценка ў знакамітых двухтамовых «Нарысах гісторыі Беларусі», што пабачылі сьвет у 1994–1995 гадах. Наконт БНР гэта быў вялікі прагрэс, бо раней савецкія гісторыкі яе або не заўважалі, або трактавалі выключна як справу нямецкіх акупантаў ды іхных прыслужнікаў-нацыяналістаў. Але ў пачатку 90-х ляснуўся Савецкі Саюз і «нацыяналісты» сталі запатрабаванымі. Праз паўтара дзясятка гадоў гэтая тэза ўвайшла ў акадэмічную двухтамовую працу «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку XXI ст». Там БНР ужо цалкам рэабілітаваная, адпаведны параграф называецца «БНР — гістарычны выбар нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэньня», але адначасова і БССР трактуецца як нацыянальная беларуская дзяржава.