«Габрэі цанілі беларускую краму з гарэлкай»

Гісторыі міжваеннай Горадні. Як вулічныя музыканты аказваліся нямецкімі шпіёнамі, лепшую гарэлку ў габрэйскім квартале прадавалі беларусы, а вясковы хлеб перамагаў гарадзкія булкі — у кнізе ўспамінаў пра Горадню 1930–1940-х гадоў. Са старымі гарадзенцамі размаўляў журналіст Руслан Кулевіч. Свабода пачытала рукапіс кнігі і занатавала 10 гісторыяў зь яе. Вясковы хлеб супраць гарадзкіх булакГенрых Юхневіч, нарадзіўся ў 1927 годзе Малым хлопцам штодня хадзіў за 11 кілямэтраў з роднай вёскі Адамавічы ў школу імя Стэфана Баторыя ў Горадні. У гарадзкой школе вясковага хлопца сталі паважаць не адразу. Вучні лічылі, што жыхары вёсак — адсталыя. Казалі: «ты хам-мужык зь вёскі». Праз гэта Генрых пабіўся ў чацьвёртай клясе з хлопцам з шостай. Першым пачаў старэйшы. «Я яго так адлупцаваў, я ж быў вельмі моцны, бо еў хлеб вясковы, а яны, гарадзкія, елі булкі і былі праз гэта слабыя. Я яго так адчыхвосьціў, што наша бойка дайшла да дырэктара». Выклікалі бацькоў.