![]()
Амаль апусьцелая вёска пад Лоевам збірае на свята гараджанаў. Сярод лесу за 80 кілямэтраў ад Гомля штогод зьбіраецца сотня чалавек, каб адсьвяткаваць Новы год. Свабода пабывала на незвычайным сьвяце ў лесе, пра якое «ведаюць толькі свае». Міхалёўка — „непэрспэктыўная“ вёска ў Лоеўскім раёне. Тут стала жывуць 17 чалавек, пераважна пэнсіянэры. На Новы год празь вёску адзін за адным імчаць аўтамабілі — у лес. Дарога на «паляну казак» пазначаная паходнямі ўздоўж лясной дарогі. Там сёньня сьвята. Дзед Мароз і Сьнягурка, конкурсы, лятарэі, карагоды, падарункі, гарбата з зёлак, вогнішча «да неба» сярод засьнежаных ялінаў. Усё міхалёўцы прыдумалі, арганізавалі і робяць самі. Традыцыю сьвяткаваньня Новага году ў лесе міхалёўцы запачаткавалі гадоў 16 таму. «Мы зь сябрам — галоўным натхняльнікам і арганізатарам гэтага сьвята Мікалаем Шульгой — першы Новы год у лесе ладзілі дзеля маёй унучкі Лізы. Хацелі нешта цікавае прыдумаць. Ёй было тады гады чатыры.