Нітачка беларускага этнасу працягнута ў вечнасць

Дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі — гэта заслуга мільёнаў нашых продкаў. Роздум пад такой назвай, нягледзячы на складаную сітуацыю ў краіне і ў свеце, пішу з душэўнай радасцю і светлым настроем. Як бы там ні было, а ў кожнага з нас ёсць незалежная Айчына, сям’я, родныя і блізкія людзі, якім мы дзякуем за пражытае і з якімі сустракаем зямную будучыню. Каляды і Новы год — самыя любімыя, хатнія, утульныя і разам з тым узнёслыя, рамантычныя, хвалюючыя святы. Будзённыя трывогі і клопаты застаюцца, але нашы душы зімовай халоднай парою раптам напаўняюцца цеплынёю, святлом, любоўю і надзеямі. Думаю, што гэта важна для любога чалавека — хоць раз на год агледзецца, выявіць не толькі пяшчоту і ласку да свайго бліжэйшага атачэння, але і здольнасць да больш маштабнай разумовай і сардэчнай аналітыкі, да асэнсаванага руху наперад. Вядомы французскі пісьменнік, знаўца чалавечай натуры Г. Флабэр (1821 — 1880) за дзесяць гадоў да смерці выказаў меркаванне пра людзей: «У глыбіні душы я не магу адмаўляць, што мае любімыя суродзічы па роду чалавечаму, калі не лічыць нешматлікіх выключэнняў, абсалютна нікчэмныя».