Беларушчына – паміж марай і таварам

Кошт змагання за беларушчыну куды вышэйшы за цану зусім не таннай байкі ад «LSTR» або покерных картаў «100 гадоў БНР». «Колькі мае каштаваць беларушчына?» – задаецца пытаннем мой сябар і калега Алесь Кіркевіч. Што праўда, дакладнага адказу ў сваім тэксце аўтар гэтак і не дае. Дык я адкажу, дарагі Алесю: ніколькі. Ніколькі беларушчына не мае каштаваць, бо яна бясцэнная. І вось тут важна патлумачыць некаторыя тэрміны, якія часцяком блытаюцца міжсобку. Бясцэнна – гэта не азначае нуль, «зэро» ці нейкую ну зусім ужо драбязу, капейчыну. Бясцэнна – гэта настолькі шмат, што вызначыцца з цаною папросту немагчыма. Важна прагаварыць і розніцу паміж, здавалася б, сінонімамі «кошт» і «цана». Кошт – гэта выдаткі на стварэнне ці набыццё нейкага тавару або на здзяйсненне нейкае справы. А цана – гэта тыя грошы, якія прадавец хоча за свой тавар ад пакупніка, або наступствы нейкае здзейсненае справы. Цана звычайна вышэйшая за кошт. Аднак у нашай краіне шмат што даўно перакуленае з ног на галаву.