Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Увойдзем з надзеяй на невядомыя шляхі Новага 2019 года

Ардынар Гарадзенскай дыяцэзіі павіншаваў вернікаў са святам Раства Хрыстовага. Ардынар Гарадзенскай дыяцэзіі, біскуп Аляксандр Кашкевіч наконадні Калядаў павіншаваў вернікаў са святам Раства Хрыстовага, перадае Радыё Рацыя. – Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Сярод разнастайных спраў сённяшняга свету Пан Бог дае нам такі чарговы момант, каб усе мы на хвіліну спыніліся і паглыбіліся ў радасны роздум над сэнсам стварэння. Нагодай да гэтага з’яўляецца нараджэнне Божага Сына Езуса Хрыста, які пасланы ў свет у постаці маленькага дзіцяці, здзейсніў найвышэйшую справу ў гісторыі чалавецтва. Уваходзячы чарговы раз у перажыванне радасці Свята Божага нараджэння, мы хочам сапраўды, углядаючыся ў Хрыста, нанова шукаць сэнс свайго жыцця. Няхай сёлетняе спатканне нараджэння нашага Збаўцы, якое напаўняе нас радасцю і адкрытасцю на іншага чалавека, прынясе вам і вашым блізкім шмат супакою ў сэрцах. Няхай дзіця Езус напаўняе вас любоўю, радасцю і супакоем, умацоўвае сувязі ў вашых сем’ях і асяроддзях, робіць вашыя сэрцы і сумленні больш чулымі да клопату пра кожнае чалавечае жыццё, пра выхаванне маладога пакалення, пра лёс людзей пажылых, хворых, церпячых і беспрацоўных.