![]()
Нацыянальна арыентаваных беларусаў стала болей. 2018 год стаў вельмі насычаным на падзеі ў жыцці лідскай грамадзянскай супольнасці. У гэтай частцы Гарадзенскай вобласці ў гэтым годзе адбыліся шэраг цікавых падзеяў і ініцыятываў. Пра іх «Радыё Рацыі» распавёў грамадскі актывіст з Лідчыны Вітольд Ашурак:– Я нават і не ведаю, як ахарактарызаваць 2018 год. Ён не быў складаным. Ён быў насычаным. У мяне такое ўражанне, што ён расцягнуўся больш чым на год. Я ўспамінаў: а што адбывалася? І часам думаў, гэта ў гэтым годзе адбывалася, ці ў мінулым? Няхай наступныя гады будуць такімі ж насычанымі. І што самае галоўнае, у гэтым годзе нашая лідская нацыянальна-арыентаваная супольнасць выйшла на якасна новы ровень. Гэта яшчэ раз сведчыць аб слушнасці таго тэзісу, што кадры вырашаюць усё. Самае галоўнае – гэта кадры. Я памятаю, як мы шукалі адзін аднога. Знаходзілі. Разам ладзілі мерапрыемствы, акцыі, імпрэзы. І ў гэтым годзе адбылося так, што вакол кожнага з нас ужо гуртуецца кола людзей па інтарэсах.