Уяўляеце, цэлы абласны горад – «дармаед»

У канцы года прынята падводзіць вынікі. І чым нам гэты год запомніўся? Тым жа, чым і мінулы. Дэкрэтам „аб дармаедах”. Вось яна беларуская стабільнасць. Паўтарэнне – маці вучэння. Для беларускіх уладаў гэты выраз актуальны як ніколі. У канцы 2018-га мы прыйшлі да таго, з чаго пачыналі прамінулы 2017-ы. Народ дэкрэт „аб дармаедах” успрыняў аднолькава негатыўна што тады, што цяпер. У 2017-м гэты закон спрычыніўся да таго, што грамадзяне выйшлі на плошчы гарадоў. А ўлады здзівіліся, як гэта «памяркоўныя» беларусы выступілі супраць дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве. Бо дагэтуль чаго толькі не рабілі: рэферэндумы праводзілі налева і направа, сімвалы змянялі, падаткі для аўтамабілістаў уводзілі, выбары як ім трэба праводзілі, а ў адказ на гэта – цішыня. І тут ім, як снег на галаву, – масавыя акцыі па ўсёй краіне. У выніку ў 2018- м дэкрэт аб дармаедах грамадзяне не бачылі. І вось напрыканцы года ўсё ж такі ўсплыло, што дэкрэт уступіць у сілу са студзеня 2019. Як той казаў: гэтая песня добрая, пачынай спачатку.