Павал Севярынец: Сёння вандал прыйшоў з кувалдай бурыць лаву Клінтана ў Курапатах

Актывiсты спынiлi вандала. Увечары 19 сьнежня абаронца Курапатаў Пётар Рабушка ды іншыя актывісты спынілі вандала, які прыйшоў на тэрыторыю народнага мэмарыялу, адмыслова каб зламаць адзін зь яго аб’ектаў — лаву Клінтана. Пра гэта «Радыё Свабода» распавёў адзін зь лідэраў абароны Курапатаў Павал Севярынец. «Сёньня ў пікеце каля рэстарацыі „Поедем поедим“ нас брала ўдзел пяцёра, у тым ліку актывіст Пётар Рабушка, які адмыслова прыяжджае з Радашкавічаў. Пайшоў ён адсюль, каб ехаць дахаты, блізу 19 гадзіны, а ішоў праз Курапаты. Раптам пазваніў, што каля лавы Клінтана бачыць падазронага чалавека з кувалдай і сякерай. Што той ужо нацэліўся бурыць лаву. Потым Пётар распавёў, што падбег да зламысьніка і спытаў, што ён тут робіць, а той адказаў „Не твайго сабачага розуму справа“ і кінуўся на яго зь сякерай. У гэты момант наблізіліся Дзяніс Урбановіч і Зьміцер Казакевіч, якія ад пікету пабеглі на дапамогу Пятру, і тады вандал пусьціўся наўцёкі празь лес. Бег шпарка, хоць нёс свае інструмэнты.