![]()
«Залаты век» першай беларускай дзяржавы. Часам найвышэйшага ўздыму Полацкага княства сталася ХІ стагоддзе, калі на чале дзяржавы быў князь Усяслаў Чарадзей (валадарыў з 1044 да 1101 года), піша history. wikireading. ru. Трывалы падмурак гэтага росквіту быў закладзены ягоным бацькам — Брачыславам, які перадаў у спадчыну сыну моцную дзяржаву, што здолела выстаяць у нялёгкім змаганні з Кіевам. Шмат высілкаў паклаў Усяслаў, каб уладкаваць сваю Бацькаўшчыну. Імпэту князя дзівіліся сучаснікі і нашчадкі. У сваёй сталіцы — Полацку ён пабудаваў новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор. У часе княжання Ўсяслава квітнелі рамёствы і гандаль. Полацкае княства было марской дзяржавай: пад яго кантролем знаходзіліся землі ўздоўж усёй Дзвіны да Варажскага (Балтыйскага) мора. Тут паўсталі гарады Герсіка і Кукенойс (зараз на тэрыторыі Латвіі) — фарпосты Полацка на шляху да Балтыкі. Полацкая дзяржава была адным з вялікіх і магутных гаспадарстваў ранне-сярэднявечнай Эўропы побач з Польскім каралеўствам, Скандынаўскімі і Ноўгарадскім княствамі.