![]()
Наш зямляк вынайшаў шматступенную ракету яшчэ ў 17-м стагоддзі. У 1650 годзе ў сталіцы Нідэрляндаў Амстэрдаме, славутым асяродку рамёстваў, гандлю і кнігадрукавання, пабачыла свет кніга «Вялікае мастацтва артылерыі». Напісаў яе на лаціне — мове тагачаснай навукі — наш суайчыннік (як ён называў сябе, «шляхціч-ліцьвін з Вялікага Княства Літоўскага») Казімір Семяновіч. Нарадзіўся ён на Віцебшчыне ў пачатку ХVІІ стагоддзя. Кнігу К. Семяновіча з вялікай зацікаўленасцю і ўвагай сустрэлі ў Эўропе. На працягу больш як паўтара стагоддзя яна была найбольш грунтоўнай і аўтарытэтнай працай па артылерыі і піратэхніцы, перавыдавалася на французскай, нямецкай, ангельскай ды іншых эўрапейскіх мовах. У прадмове да ангельскага выдання 1729 года ёсць красамоўнае сведчанне: «Аўтарытэт К. Семяновіча быў і да сённяшняга дня застаецца для ракетчыкаў і феерверкераў нечым святым». У адрозненне ад піратэхнікаў-рамеснікаў свайго часу К. Семяновіч быў сапраўдным піратэхнікам-вучоным, у сваёй працы абапіраўся на апошнія, найноўшыя дасягненні тагачаснай навукі, на вынікі ўласных эксперыментаў.