Якая марская бітва ўвайшла ў летапіс беларускай вайсковай славы?

Спешаныя вершнікі, многія з якіх нават не бачылі зблізку мора, адважна рушылі на бітву. У 1600–1629 гадах Вялікае Княства Літоўскае вяло вайну супраць Шведскага Каралеўства, якое імкнулася захапіць Інфлянты (правабярэжную Латвію і паўднёвую Эстонію), што былі тады супольным уладаннем нашай дзяржавы і Польшчы. Вялікія гетманы Крыштоп Радзівіл Пярун і Ян Кароль Хадкевіч атрымоўвалі на палях Прыбалтыкі слаўныя перамогі над заморскім праціўнікам. Асабліва вылучаўся сваім палкаводчым талентам Я. Хадкевіч. З яго імем звязаная першая і, мусіць, адзіная ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва — бітва пад Салісам, якую нашы продкі бліскуча выйгралі. Увесну і летам 1608 года, выкарыстаўшы часовую адсутнасць у Інфлянтах Я. Хадкевіча, моцнае шведскае войска (12 тысяч жаўнераў) высадзілася на ўзбярэжжы Латвіі ды пачало наступ углыб краю. Пад восень выдатна вымуштраваная непрыяцельская пяхота, у якой было шмат прафесійных наймітаў з розных краін Эўропы, ужо стаяла на берагах Дзвіны.