Ён у адкрытым баі змагаўся за незалежнасць Беларусі

130 год таму нарадзіўся беларускі ваенны, палітычны і грамадска-царкоўны дзеяч Мікола Дзямідаў. Да 130-годдзя беларускага ваеннага, палітычнага і грамадска-царкоўнага дзеяча Міколы Дзямідава. Нарадзіўся Мікола Дзямідаў 10 снежня 1888 года ў Гарадку. Ён быў сынам Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозвішча меў па другім мужу маці, перадае «Радыё Рацыя». У 1905 годзе Мікола здаў экзамен на настаўніка дзюхкласных пачатковых школ у настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У 1907 годзе паступіў, як вольны слухач, на вечаровыя курсы на гістарычна-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту; працаваў у канцылярыі службы руху Управы Прывіслянскай чыгункі. 1 кастрычніка 1911 года Мікола Дзямідаў быў прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку. З 1914 года ён знаходзіўся на ваеннай службе ў царскай арміі. А 1 лютага 1917 года скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкай рэвалюцыі, быў Навагрудскім акруговым камісарам.