Праваабаронцы раздалі ў Бярозе тэксты дэкларацыі правоў чалавека

Людзі з задавальненнем бралі дэкларацыі і паштоўкі. 10 снежня бярозаўскія праваабаронцы традыцыйна раздавалі тэкст Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на беларускай і расейскай мовах на вуліцах Бярозы, а таксама паштоўкі на тэму абароны правоў чалавека, паведамляе racyja. com. Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, што шэраговыя грамадзяне павінны ведаць свае правы на жыццё, свабоду, адукацыю. А Дэкларацыя як і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь павінны ў кожнай сям’і стаць настольнай кнігай, кажа ён:– Трэба адзначыць, што ў нашай краіне фактычна любое права, вызначанае дэкларацыяй, дагэтуль не выконваецца. Словы праваабаронцы пацвердзілі апытаныя на вуліцах Бярозы грамадзяне. Людзі лічаць, што абараніць свае правы ў Беларусі немагчыма:– У нас закон не дзейнічае, у нас дзейнічаюць паняцці і ўказы, якія спускаюцца зверху. Закрыць чалавеку рот, аштрафаваць, пасадзіць. – Улада стварыла такія ўмовы, што немагчыма дабіцца, дагрукацца і нешта зрабіць простаму чалавеку.